пятница, 10 декабря 2021 г.

Стартуе гульня-конкурс "Сініца -2022"


Гульня-конкурс "Сініца" (далей па тэксце - "конкурс") праводзіцца з мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння біялогіі.
Конкурс праводзіцца па правілах папулярнай у школьнікаў міжнароднай матэматычнай гульні-конкурсу "Кенгуру".
У адрозненне ад алімпіяд удзельнікамі конкурсу могуць быць усе ахвочыя навучэнцы 7-11 класаў. Конкурс не прадугледжвае папярэдняга адбору і наступнага адсеву ўдзельнікаў.
Конкурс праводзіцца ў школах, ліцэях, гімназіях, дзе вучацца ўдзельнікі, у адзін і той жа дзень. Праца непасрэдна над заданнем працягваецца роўна 1 гадзіну 15 хвілін. Кожны ўдзельнік выконвае заданне самастойна. Ручка, чарнавік, картка ўдзельніка і заданне - гэта ўсё, што трэба для працы ўдзельніку. Падчас выканання задання ўдзельнікам забараняецца карыстацца якімі-небудзь крыніцамі інфармацыі і сродкамі сувязі, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі і задаваць пытанні. Пасля заканчэння гульні-конкурсу лісток з заданнем і чарнавік удзельнік забірае з сабой і захоўвае ў сябе да падвядзення канчатковых вынікаў.
Удзельнікам конкурсу прапануецца заданне з 30 пытанняў. Кожнае пытанне змяшчае 5 варыянтаў адказу, сярод якіх толькі адзін правільны. Аб'ём і змест задання не прадугледжваюць яго поўнага выканання. У заданні дапускаюцца пытанні, якія не ўваходзяць у праграму навучання.
На старце кожны ўдзельнік атрымлівае 30 балаў.За кожны правільны адказ у залежнасці ад складанасці пытання ўдзельніку налічваюцца 3, 4 ці 5 балаў. За няправільны адказ ва ўдзельніка адымаецца чвэрць балаў, прадугледжаных за дадзенае пытанне, у той час як не даўшы адказу, удзельнік захоўвае ўжо набраныя балы. Складанасць пытанняў вызначаецца па колькасці ўдзельнікаў, якія адказалі на іх правільна. 10 найбольш лёгкіх пытанняў ацэньваюцца па 3 балы, 10 найбольш цяжкіх пытанняў ацэньваюцца па 5 балаў, астатнія 10 пытанняў ацэньваюцца па 4 балы. Пераможцы конкурсу вызначаюцца па найбольшай колькасці набраных балаў.

Максімальная колькасць балаў, якую можа набраць удзельнік - 150.